Читаем ЛЯЛЬКА полностью


Баляслаў Прус


ЛЯЛЬКА


Пераклад

Галіны Жарко і Міколы Хаўстовіча




ЯК ВЫГЛЯДАЕ ФІРМА «Я. МІНЦАЛЬ І С. ВАКУЛЬСКІ» ПРАЗ ШКЛО БУТЭЛЕК?


Напачатку 1878 года, калі палітычны свет быў заняты Сан-Стэфанскім замірэннем1, выбарамі новага папы2 альбо мажлівасцю еўрапейскае вайны3, варшаўскія купцы, а разам і інтэлігенцыя ваколіц Кракаўскага прадмесця4 не менш горача абмяркоўвалі будучыню галантарэйнае крамы фірмы “Я. Мінцаль і С. Вакульскі”.

У прэстыжнай харчэўні, дзе збіраліся на вячэру гаспадары крамаў з бялізнаю і вінных склепаў, фабрыканты калясак і капелюшоў, шаноўныя бацькі сямействаў, што жылі з уласных капіталаў, і ўладальнікі камяніц без ніякага занятку, аднолькава шмат вялося размоў як пра ўзбраенне Англіі, гэтак і пра фірму “Я. Мінцаль і С. Вакульскі”. У густых хмарах цыгарнага дыму, навісаючы над бутэлькамі з цёмнага шкла, жыхары гэтага квартала ішлі ў заклад: адны спрачаліся пра перамогу або паразу Англіі, іншыя – пра банкруцтва Вакульскага; адны называлі геніем Бісмарка5, іншыя – авантурнікам Вакульскага; адны крытыкавалі дзеянні прэзідэнта Мак-Магона6, іншыя сцвярджалі, што Вакульскі скончаны вар’ят, калі не што горшае…

Пан Дэклеўскі, фабрыкант калясак, які сваю заможнасць і становішча лічыў вынікам высілкаў у адной нязменнай галіне, а таксама радца Вянгровіч, які ўжо дваццаць гадоў запар быў чальцом-апекуном аднаго і таго ж дабрачыннага таварыства, ведалі С. Вакульскага здаўна і гучней за іншых прадказвалі яму збядненне.

– Бо жабраком і банкрутам, – казаў пан Дэклеўскі, – скончыць урэшце чалавек, які не пільнуецца аднае справы і не здольны шанаваць дарункі ласкавае фартуны.

А радца Вянгровіч пасля кожнай гэткай жа глыбакадумнай сентэнцыі свайго прыяцеля дадаваў:

– Вар’ят! Вар’ят!.. Авантурнік!.. Юзік, нясі яшчэ піва. Якая гэта бутэлька?

– Шостая, пане радца. Служу маланкаю!.. – адказваў Юзік.

– Ужо шостая?.. Як час ляціць!.. Вар’ят! Вар’ят! – мармытаў радца Вянгровіч.

Для ўсіх, хто хадзіў падмацавацца ў тую ж, што і радца, харчэўню – для яе гаспадара, кельнераў і лёкаяў – прычыны бедстваў, якія мусілі абрынуцца на Вакульскага і ягоную галантарэйную краму, былі гэткія ж ясныя, як полымя газовак, што асвятлялі залу. Прычыны гэтыя былі ў неспакойным характары, у авантурным жыцці, зрэшты, у апошнім учынку чалавека, які, маючы гарантаваны кавалак хлеба і магчымасць рэгулярна наведвацца вось у гэткую прыстойную рэстарацыю, добраахвотна адрокся ад рэстарацыі, краму пакінуў на волю лёсу, а сам, з усёю гатоўкаю, якую атрымаў у спадчыну пасля смерці жонкі, падаўся на турэцкую вайну7 зарабляць капітал.

– А можа, і заробіць… Вайсковыя пастаўкі – справа прыбытковая, – умяшаўся пан Шпрот, гандлёвы агент, які быў тут рэдкім госцем.

– Нічога ён не заробіць, – запярэчыў пан Дэклеўскі. – А салідная крама тым часам пойдзе да д’ябла. На пастаўках багацеюць адно жыды ды немцы; нашым розуму на гэта не хапае.

– А можа, Вакульскаму хапае розуму?

– Вар’ят! Вар’ят!.. – прамармытаў радца. – Падай жа, Юзік, піва. Якая гэта?..

– Сёмая бутэлечка, пане радца. Служу маланкаю.

– Ужо сёмая?.. Як час ляціць, як час ляціць…

Гандлёвы агент, якому паводле службовых абавязкаў патрабавалася ўсебаковая і поўная інфармацыя пра купцоў, перанёс сваю бутэльку са шклянкаю на стол радцы і, соладка зазіраючы таму ў слязлівыя вочы, запытаўся прыцішаным голасам:

– Перапрашаю, але… Чаму пане радца называе Вакульскага вар’ятам?.. Ці магу ўслужыць пану цыгаркаю?... Я крыху ведаю Вакульскага. Ён мне заўсёды здаваўся чалавекам скрытным і ганарыстым. Скрытнасць для купца – вялікая вартасць, ганарыстасць – загана, але каб у Вакульскага былі праявы вар’яцтва, гэтага я не прыкмеціў.

Радца прыняў цыгару без асаблівых адзнак удзячнасці. Яго чырвоны твар у абрамленні сівых касмылёў над ілбом, на барадзе і на шчоках нагадваў у тую хвіліну чырвоны сердалік, апраўлены ў срэбра.

– Называю яго, – адказаў ён, павольна адгрызаючы і запальваючы цыгару, – называю яго вар’ятам, бо ведаю яго гадоў… Чакай, пан… Пятнаццаць… сямнаццаць… васямнаццаць… Было гэта ў 1860 годзе… Абедаць мы хадзілі тады да Гопфера8. Ведаў пан Гопфера?..

– Анягож…

– Дык вось, Вакульскі быў тады ў Гопфера кельнерам і даўно ўжо пераваліла яму за дваццаць гадоў.

– У гандлі вінамі і далікатэсамі?

– Так. І як цяпер Юзік, гэтак ён тады падаваў мне піва, нэльсанскія зразы…

– І з гэтае галіны пераскочыў у галантарэю? – перабіў агент.

– Пачакай, пан, – спыніў яго радца. – Пераскочыў, але не ў галантарэю, а ў Падрыхтоўчую школу, а потым у Галоўную школу9, разумее пан?.. У вучоныя яму заманулася!..

Агент пакруціў галавою, паказваючы, як ён здзіўлены.

– Вось дык нумар! – сказаў ён. – Што гэта яму стрэліла?

– Дзіва што! Звязаўся з Медыцынскаю акадэміяй10, з Мастацкаю школаю11… Тады ўсе загарэліся, а ён не хацеў быць горшым за іншых. Удзень абслугоўваў гасцей у буфеце і займаўся рахункамі, а ўночы вучыўся…

– Паганае, відаць, было тое абслугоўванне.

Перейти на страницу:

Похожие книги

Том 1
Том 1

Первый том четырехтомного собрания сочинений Г. Гессе — это история начала «пути внутрь» своей души одного из величайших писателей XX века.В книгу вошли сказки, легенды, притчи, насыщенные символикой глубинной психологии; повесть о проблемах психологического и философского дуализма «Демиан»; повести, объединенные общим названием «Путь внутрь», и в их числе — «Сиддхартха», притча о смысле жизни, о путях духовного развития.Содержание:Н. Гучинская. Герман Гессе на пути к духовному синтезу (статья)Сказки, легенды, притчи (сборник)Август (рассказ, перевод И. Алексеевой)Поэт (рассказ, перевод Р. Эйвадиса)Странная весть о другой звезде (рассказ, перевод В. Фадеева)Тяжкий путь (рассказ, перевод И. Алексеевой)Череда снов (рассказ, перевод И. Алексеевой)Фальдум (рассказ, перевод Н. Фёдоровой)Ирис (рассказ, перевод С. Ошерова)Роберт Эгион (рассказ, перевод Г. Снежинской)Легенда об индийском царе (рассказ, перевод Р. Эйвадиса)Невеста (рассказ, перевод Г. Снежинской)Лесной человек (рассказ, перевод Г. Снежинской)Демиан (роман, перевод Н. Берновской)Путь внутрьСиддхартха (повесть, перевод Р. Эйвадиса)Душа ребенка (повесть, перевод С. Апта)Клейн и Вагнер (повесть, перевод С. Апта)Последнее лето Клингзора (повесть, перевод С. Апта)Послесловие (статья, перевод Т. Федяевой)

Герман Гессе

Проза / Классическая проза